17 июня 2022, 11:26

Да 2021-га Станіслаў Салавей пяць год працаваў у 3-м шпіталі ў Менску. Ён акушэр-гінэколяг і лекар УГД. Але потым яго звольнілі, бо ён «прымаў актыўны ўдзел у несанкцыянаваных мерапрыемствах». Станіслаў усё яшчэ лечыць людзей - толькі ўжо не ў Беларусі, а ва Украіне (ён не з'ехаў з Адэсы, калі пачалася вайна). Але сёння мы хочам паказаць вам ягоны пост пра нашу краіну — дакладней, пра тое, па якім прынцыпе працуе беларуская сістэма аховы здароўя.

«Нават у сваіх марах раб застаецца рабом», — гэтую думку я знайшоў у звычайнай кнізе, але пачаў разумець толькі ў апошні час. Сапраўды, многія на Радзіме мараць аб прыемных пасадах, не столькі каб зарабляць больш грошаў, а каб стаць на ступень вышей і атрымаць магчымасць аддаваць загады. Памятаеце «Джанго освобожденный»? Фільм мяне не ўразіў і не буду прапаноўваць вам яго глядзець, калі вы яшчэ не паспелі. Але там вельмі добра паказаны вобраз раба, афраамерыканца дварэцкага, які прыслужваў хазяіну с асалодай і вельмі захапляўся той крыхай улады, якую даў яму яго гаспадар.

Менавіта гэтая логіка працуе ў нашай сістэме аховы здароўя. Начмеды, якія крычаць на падчыненых, галоўныя лекары, якія адчуваюць сябе феадаламі ў сваіх валоданнях. Таму такі жорсткі кантраст з тым, як яны сябе паводзяць, калі губляюць пасаду. Пакінутыя і адзінокія, яны заўсёды пакідаюць свой шпіталь. Ім немагчыма працаваць як звычайны лекар, таму што ўчора яны былі гаспадарамі, а зараз звычайныя рабы. А новы начмед, калі трыху асвоіцца, пачне помсціць яму і астатнім за той час, калі прыніжалі яго. 

Але што адбываецца, калі прыязджае камісія с гарздрава ці аблздрава? Начмед некалькі дзён рыхтуецца, пасылае інтэрнаў у краму за снеданнем. Таму што едзе той, хто можа  пазбавіць цябе тваёй пасады, а гэта немагчыма ўявіць без страху ў вачах. Зноў стаць тым, на каго крычаць і каго прыніжаюць.

Мне пашчасціла, я не стаў часткай такой сістэмы. Я ганарыўся працай і спрачаўся з кіраўніцтвам, няхай і мякка, няхай і выконваў тыя загады, якія нельга было рабіць, але тады я лічыў, што так трэба і так будзе лепей для ўсіх. Мае вочы адкрыў кавід і падзеі канца 2020. Калі толькі адзіныя галоўныя лекары і дырэктары не звальнялі сваіх калег.

Зараз я магу бачыць, як звычайны лекар у дзяржаўнай лякарне проста спрачаецца с загадчыкам, як загадчык не выконвае вусныя наказы галоўнага лекара, калі яны дрэнныя або глупыя. І потым спакойна распавядае мне, што для яго гэта нармальная справа, калі нешта не так, як павінна быць, адразу ісці да галоўнага лекара і патрабаваць тое, што трэба. 

І я ўспамінаю сваю размову з маім былым галоўным лекарам, якая казала «я слишком долго шла к этой должности» і разумею, што для яе гэта пасада важней за ўсё астатняе, нават за свае сумленне. Зусім нядаўна на фейсбуке я ўбачыў фотаздымак з лета 2021 — 14 маіх калег разам, зараз працуюць у шпіталі толькі 7.  Але я перакананы, што аб гэтым не турбуецца мае былое кіраўніцтва. Працаўнікі гэта проста расходны матэрыял для галоўнага лекара. 

Першае, што мы павінны рабіць, гэта пачаць паважаць сябе. Толькі так мы зруйнуем гэтую сістэму, толькі так мы здабудзем волю.

Я перакананы, што калі пачнецца адраджэнне незалежных праўсаюзаў, то мы зробім вялікі шаг да нармальнага жыцця, а пакуль «убей в себе раба». Адчуйце сябе вольным, пакуль вы гэтага ня зробіце, ніхто не зможа даць вам волю. Калі большасць з нас здоляць гэта зрабіць, тады Беларусь і будзе вольнай!». 

Заметили ошибку в тексте – выделите её и нажмите Ctrl+Enter
По теме
Популярное